«Вольная бібліятэка» - гэта спрыяльная атмасфера для людзей з агульнымі поглядамі

0 Каментары

За апошнія некалькі гадоў на постсавецкай прасторы былі адчыненыя з дзясятак маленькіх бібліятэк, якія арыентуюцца на так званую «падрыўную» літаратуру. Яны абвяшчаюць у сваіх прынцыпах гарызантальнасць, дармовасць і крытычнае мысленне. Гэтыя бібліятэкі заўсёды нізавыя і зазвычай лічаць сябе часткай нейкіх грамадскіх рухаў. Нам было цікава даведацца болей пра подбныя сяброўскія да нас праекты і падзяліцца з вамі. У выніку публікуем серыю інтэрв'ю з гэтымі асяродкамі «падрыўной» літаратуры.

У Піцеры гурток левых мастакоў «Што рабіць?» стварыла сацыяльны цэнтр «ДК Розы» і  запрасіла да супрацоўніцтва ўсе сяброўскія ініцыятывы. Неабыякавыя да лібертарных ідэяў хлопцы й дзяўчаты сабралі свае кнігі і кнігі сяброў, каб стварыць месца, дзе магчыма пасядзець, знайсці і пачытаць цікавую літаратуру. Так у 2015 годзе зарадзілася «Вольная бібліятэка».
Бібліятэка працуе трохі меней за год, а ў яе каталозе налічваецца ўжо каля тысячы кніжак.

Актывісты «Вольнай бібліятэкі» Наста і Артур распавялі «Вольнай думцы» пра мэты ініцыятывы, дачыненне яе да анархічнага руху і запатрабаванасць папяровых кніжак.

Вольная Думка: Якая ідэя «Вольнай бібліятэкі»? Што вы маеце на мэце?

Наста: Калі я прыйшла на адкрыццё ДК Розы і пабачыла бібліятэку, гэта было проста свята для мяне. Я падумала: «Няўжо з'явілася месца, дзе можна знайсці цікавую літаратуру ў папяровым выглядзе, ня проста знайсці, а яшчэ пасядзець і пачытаць?!»
Зараз бачна, як вакол бібліятэкі складаецца суполка тых, каму цікава самаадукавацца і праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы.

Мэта праекту... ну як бы мовіць, каб усе ахвочыя маглі прыйсці ўзяць кнігу, прачытаць, далучыцца да існуючых ініцыятываў, прапанаваць сваю.

Артур: Я лічу, мэта – стварыць агульны фонд даступнай для ўсіх літаратуры па актывізму. Справа ў тым, што ў кожнага з нас дома набралася пэўная колькасць кніжак, якія мы ўжо прачыталі і наўрад ці б да іх ужо звернуліся, а іншым людзям яны былі б карысныя. Але людзі ня ведаюць пра гэтыя кніжкі, альбо пра тое, дзе іх дастаць. Для гэтага й патрэбная адкрытая бібліятэка з даступным у сетцы каталогам.

За амаль што год існавання нашай бібліятэкі кніжны фонд павялічыўся ў чатыры разы, з'явіліся новыя бібліятэкары, праводзіліся розныя мерапрыемствы.

Чым вас не задавальняюць існуючая дзяржаўныя бібліятэкі?

Наста: Не сказаць, што не задавальняюць. У мене, напрыклад, ёсць чытальніцкі білет у бібліятэку ім. Маякоўскага, але чаму б не зрабіць нешта сваё? Людзі, якія прыходзяць у наш ДК Розы, заходзяць у бібліятэку нават проста дзеля цікавасці і могуць узяць кнігу. Сама абстаноўка бібліятэцы, людзі, якія там поруч – гэта спрыяльная атмасфера для людзей з агульнымі поглядамі.

Артур: У дзяржаўных бібліятэках часцяком няма тых кніжак, якія ёсць у нас. Вядома, там мажліва знайсці акадэмічныя альбо папулярныя выданні, але наўрад ці там знойдуцца выданні Crimethinc альбо «Свабмарксвыд». Акрамя таго, у нас моцны падзел літаратуры пра мастацтва, дзе большасць выданняў унікальныя і іх хутчэй за ўсё няма нідзе ў Расіі.

Наста: Яшчэ, у адрозненне ад дзяржаўных бібліятэк, у нас не патрабуецца рэгістрацыя, усё працуе на даверы. Мы даем кнігі, а людзі пакідаюць спасылку на сваю старонку «УКантакце» або нумар тэлефону. Мы не сачым, каб кнігі не кралі, таму што мы давяраем нашым чытачам.

Тады ў якой ступені запатрабаваная вашая бібліятэка?

Наста і Артур: Людзей не надта шмат, але яны ёсць, мы іх шануем.
Людзі прыходзяць розныя: і тыя, хто мэтанакіравана жадае ўзяць кнігу, і тыя, хто наведвае мерапрыемствы ДК Розы, і нават тыя, хто проста «міма мінаў».

Кнігі таксама бяруць вельмі розныя. Падчас існавання бібліятэкі  абярнулася, мабыць, пара соцен кніжак: ад мастацкіх да кніг з палітычнай тэматыкай. Не выклікае цікавасці толькі збор законаў Рэспублікі Венесуэла, які стаіць у нас у раздзеле гумару.

Нам бы хацелася болей наведвальнікаў, для гэтага мы праводзім розныя мерапрыемствы. Вось кагадзе правялі Зін-Фэст досыць паспяхова.

Ці лічаце вы свой праект часткай анархічнага руху?

Наста: Я лічу наш праект часткай вызваленчага руху, але не жадаю прыпісваць яму слова «анархізм», «фемінізм» і да таго падобнае, паколькі гэтыя словы зараз маюць занадта размытае значэнне.

Артур: Хутчэй нашую бібліятэку можна лічыць часткай лібертарна-камуністычнага руху. Наш праект – інфраструктурны, вакол якога магчыма складзецца нейкая суполка людзей, што чытаюць кнігі з бібліятэцы і зацікаўленыя ў яе захаванні і развіцці.

Ёсць меркаванне, што разовыя акцыі прамога дзеяння, кампаніі салідарнасці, семінары, лекцыі, кінапаказы хутка забываюцца і не даюць належнага эфекту. Таму трэба засяродзіцца на пастаянна дзейных ініцыятывах, працягласць працы якіх вымяраецца ў гадах.

Ці ўзаемадзейнічаеце вы з іншымі праектамі?

Артур: Вось зусім нядаўна мы пасябравалі з Фемінфатэкай, з якой дамовіліся пра ўзаемныя спасылкі на каталогі і абмен выданнямі: мы ім будзем скідваць выданні, датычныя да фемінізму і гендэрнай тэорыі, а яны нам усё, што не дапасуе да іхняга  фармату.
Акрамя таго, на самым пачатку нашае працы нам даслалі кнігі з анарха-бібліятэцы Калінінграду, а таксама дапамаглі кніжкамі некалькі устаноў (напрыклад, маскоўскі Гараж).

Шмат хто ліча, што час папяровых кніжак мінуў, а значыцца і такіх бібліятэк, як вашая, таксама. Што скажаце на гэта конт?

Наста: Я падтрымліваю абедзве варыяцыі, электронныя кніжкі маюць месца быць. Але прыемна трымаць у руках папяровы варыянт улюбёнае кніжкі, гартаць яе старонкі. І пакуль ёсць кнігі ў паперы – гэта цудоўна.

Артур: Дагэтуль ёсць мноства людзей, што аддаюць перавагу папяровым кніжкам. Але ёсць і шмат закапірашчаных, альбо рэдкіх і неадсканаваных кніжак. Нават калі ўсё ідзе да адмаўлення ад папяровых кніжак, але пакуль яно ўсё яшчэ не адбылося, лепей мець даступнымі абодва варыянты.

"Вольная бібліятэка" знаходзіцца па адрасе Санкт-Пецярбург, Лігоўскага пр-т, 50, корпус 12, пам. 110. Спасылка на электронны каталог, на групу бібліятэкі ў фэйсбуку і ўкантакце.

Чытайце таксама інтэрв'ю з бібліятэкай «Вольная Поўнач».

 

 

0 Каментары

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
Fill in the blank.