Што такое нацыя

0 Каментары

Для кагосьці нацыя — гэта людзі, аб'яднаныя крывёю і глебай, для іншых — гістарычна аб'яднанае адзінай культурай і мовай грамадства, для трэціх — ідэалагічны інструмент кіруючага класа. Існуе цэлы шэраг азначэнняў нацыі, мы прадставім самае, на наш погляд, падрыўнае.

Нацыя — гэта сукупнасць грамадзян нацыянальнай дзяржавы, якія атрымалі ад яе пэўны набор культурных характарыстык. Большасць нацый сфармаваліся ўсяго некалькі стагоддзяў таму ў рамках ўзнікнення рацыянальнага капіталізму і бюракратычнай дзяржавы мадэрнага тыпу.

Разам з эканамічнымі рэсурсамі і рэсурсамі фізічнага гвалту дзяржава канцэнтруе ў сваіх руках сродкі сімвалічнага прымусу. Іншымі словамі, здольнасць навязваць пэўны тып культуры на сваёй тэрыторыі: ад агульных уяўленняў пра гісторыю краіны і адзінай мовы да уніфікаваных адзінак вымярэння. Гэта можа адбывацца з дапамогай школьнай і універсітэцкай адукацыі, устаноў культуры, нацыянальных урачыстасцяў і г. д.

Нацыянальную культуру фармуюць не самі дзяржаўныя чыноўнікі, але розныя інтэлектуалы, зацікаўленыя ў яе існаванні. Вы заўважалі, што выкладчыкі беларускай мовы, гісторыі ці музейныя работнікі больш за іншых схільныя да нацыяналізму? Верагодна, таму што гэта іх хлеб.

Паводле такога вызначэння нацыя выконвае шэраг функцый:

- уніфікаваная мова і культура палягчае адміністрацыйныя задачы дзяржавы — спрашчаецца ўлік і кантроль насельніцтва;
- нацыяналізм дапамагае адстойваць суверэнітэт дзяржавы на знешнепалітычнай арэне;
- нацыя падтрымлівае ілюзію існавання агульных інтарэсаў дзяржавы і грамадства;
- нацыянальная культура дапамагае стварыць уніфікаваны рынак рабочай сілы для капіталістычных прадпрыемстваў.

У такім ключы аналізавалі нацыю цэлы шэраг мысляроў: Бенедыкт Андэрсан, П'ер Бурдзье, Эрнэст Гелнер, Эрык Хобсбаум і іншыя. Варта адзначыць, што гэтыя тэорыі патрабуюць шэрагу ўдакладненняў ў многіх выпадках. Напрыклад, у арабскіх краінах, дзе многія функцыі нацыі выконвае рэлігія.

Унутры дзяржавы нацыя палягчае кантроль і эксплуатацыю. У адносінах з іншымі дзяржавамі нацыя, здаецца, дапамагае адстаяць незалежнасць. Але гэтая незалежнасць — толькі незалежнасць дзяржавы, а не прыгнечаных груп і класаў. У гэтым сэнсе для ідэйнага супрацьстаяння імперскім памкненням некаторых суседніх дзяржаў нам варта шукаць іншую, не нацыяналістычную мову. Што, па вялікім рахунку, падрывае сталыя алгарытмы мыслення.


Рубрыка #элементы_падрыўнога_мыслення — навукова-папулярныя нататкі аб гістарычных і тэарэтычных сюжэтах, якія падштурхоўваюць да крытычнага мыслення і складнаюць мову радыкальнага аналізу.

0 Каментары

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
Fill in the blank.