Пераклад: Капіталізм. Няпэўная будучыня чалавецтва

0 Каментары

Джон Холаўэй — прафесар сацыялогіі ў Аўтаномным універсітэце штата Пуэбла ў Мексіцы, марксіст. Піша пра сапатысіаў і альтерглабалістаў, рух «Abahlali baseMjondolo» і аргентынскіх «piquetero», аналізуе новыя формы антыкапіталістычнай барацьбы. Яго кніга «Змяніць свет без ўзяцця ўлады» (2002) была перакладзеная на адзінаццаць моў і падняла хвалю міжнародных дэбатаў. Другая вядомая кніга, «Раскалоць капіталізм» (2010), прапаноўвае думаць пра рэвалюцыйную стратэгію як пра стварэнне, пашырэнне, прымнажэнне і зліццё расколін у капіталістычным панаванні.

Існуе шэраг тэорый, якія імкнуцца прааналізаваць і растлумачыць свет як сацыяльную сістэму, а таксама змены, якія вядуць да глабальнай няроўнасці. Як вы ацэньваеце марксізм сёння і якая будучыня марксізму і марксістаў?

Адзінае навуковае пытанне, якое нам застаецца гэта: як мы адсюль выберамся? Як мы спынім імклівы рух да чалавечага самаразбурэння? Як мы створым грамадства, заснаванае на ўзаемным прызнанні чалавечай годнасці?

Іншымі словамі, гэта не пытанне той ці іншай школы думкі. Мы павінны пачаць з таго, што ў нас няма адказаў, то мы не ведаем як ажыццявіць сацыяльныя пераўтварэнні, якія відавочна неабходныя. І думаць зыходзячы з гэтага. У марксісцкай традыцыі таксама няма адказаў, але ў яе ёсць заслуга пастаноўкі пытання, пытання рэвалюцыі. А што тычыцца будучага — я не ведаю. Але сацыяльнае раздражненне па ўсім свеце расце і калі яно не возьме арыентацыю на радыкальныя сацыяльныя трансфармацыі, то будучыня будзе сапраўды змрочная. У гэтым сэнсе марксізм (ці якая-небудзь рэвалюцыйная тэорыя) крытычна важны для будучыні чалавецтва.

Daily Mail раскрыла дакументы, якія паказваюць, што цукровая прамысловасць аплачвала і падкупляла аўтарытэтных гарвардскіх навукоўцаў каб яны публікавалі даследаванні, якія гавораць, што тлушч, а не цукар, з'яўляецца галоўнай прычынай сардэчных захворванняў. Як вы растлумачыце подкуп навуковай свядомасці дзеля капіталістычнай выгады?

У свеце над якім пануюць грошы, карупцыя ўключана ў функцыянаванне сістэмы, у тым ліку ў навуковую дзейнасць. Аднак праблема не толькі ў відавочных выпадках карупцыі накшталт таго, што вы ўзгадалі, а ў тых акадэмічных і сацыяльных сілах, якія штурхаюць нас да канфармізму, да прыняцця грамадства, якое нас забівае. Напэўна, практычна ўсе, хто чытае гэта інтэрв'ю неяк ўцягнутыя ў навуковую дзейнасць у якасці студэнтаў або прафесараў. Выклік, які стаіць перад намі заключаецца ў тым, каб павярнуць гэтую дзейнасць супраць брутальнай і дэструктыўнай сістэмы. Ва ўсім што мы робім: у нашых семінарскіх дыскусіях, у эсэ і артыкулах, якія мы пішам.

Я цікаўлюся пытаннем маскуліннасці, якая звязана з адрозненнем у пазіцыях улады. Рэйвін Коннэл у інтэрв'ю, якое я ў яе браў, сказала: «Важна глядзець на гендэрны аспект у дзеяннях людзей з эканамічнай уладай, каб растлумачыць іх». Энтані Гідэнса таксама казаў: «Сусветны фінансавы крызіс — дагэтуль далёкі ад поўнага вырашэння — адлюстроўвае некаторыя характарыстыкі, якія ўключаюць нават гендэрны аспект, улічваючы ролю, якую "зараджаная маскуліннасц" мае ў агрэсіўных паводзінах гульцоў сусветных фінансавых рынкаў». Які ваш погляд на ролю гульцоў сусветных фінансавых рынкаў і на сувязь маскуліннасці з эканамічнай уладай?

Цікавае пытанне. Я думаю, я прачытаў бы гэтыя сцвярджэнні ў зваротным кірунку. Агрэсіўныя паводзіны гульцоў сусветных фінансавых рынкаў падчас фінансавага крызісу не былі вынікам гендэра актараў, а хутчэй наадварот. Агрэсіўныя паводзіны вынікаюць з прыроды грошай і іх пастаяннага, няўмольнага імкнення да самаўзрастання. Агрэсія, ўпісаная ў прыроду грошай робіць верагодным, што іх найбольш эфектыўныя і непапраўныя служыцелі будуць мужчынамі, проста таму, што арганізацыя нашага грамадства гістарычна прасоўвала такі від паводзінаў сярод мужчын больш, чым сярод жанчын. Пакуль існуюць грошы, паводзіны тых, хто прысвячае сваё жыццё іх росту будзе агрэсіўным, незалежна ад іх гендэра. Каб пазбавіцца ад таго выгляду паводзін, якое мы пазначаем як «маскулінная агрэсія», мы павінны пазбавіцца ад грошай і заснаваць нашы сацыяльныя адносіны на іншай, больш разумнай падставе.

Як мы можам стварыць форму адказнага капіталізму, дзе стварэнне дабротаў ўзгоднена з сацыяльнымі патрэбамі?

Гэта немагчыма. Капітал — гэта адмаўленне стварэння дабротаў, якое прыводзіцца ў рух чалавечымі патрэбамі. Капітал — гэта стварэнне дабротаў, якое прыводзіцца ў рух узрастаннем кошту, гэта значыць прыбыткам. Цяпер зусім ясна, што такога роду стварэньне каштоўнасьцяў вядзе нас да самазнішчэння.

Паводле Сусьветнага даследаванню каштоўнасцяў (WVS) Рональда Інглхарта, існуе дзве сістэмы каштоўнасцяў: матэрыялістычная і традыцыйная. Як погляды, выяўленыя ў вашых кнігах «Змяніць свет без ўзяцця ўлады» і «Раскалоць капіталізм» тлумачаць дынаміку ваганняў паміж гэтымі двума сістэмамі каштоўнасцяў і як гэтыя сістэмы каштоўнасцяў ўплываюць на няроўнасць, якая ствараецца капіталізмам?

Я не думаю, што гэта пытанне пошуку балансу паміж сістэмамі каштоўнасцяў. Мы, здаецца, трапілі ў сістэму, якая ўсё больш гвалтоўная, усё больш эксплуатуючая і ўсё больш няроўная. Няма сярэдзіны, няма добрага капіталізму. Сярэдняга не дадзена.

Вопыт вашых бліжэйшых суседзяў, грэкаў, паказвае гэта вельмі ясна. Аргумент кніг якія вы ўзгадалі заключаецца ў тым, што мы павінны пакончыць з капіталізмам, але мы не ведаем як гэта зрабіцью Таму мы павінны разважаць і эксперыментаваць. Гэта нельга зрабіць праз дзяржаву, як паказаў ваш уласны вопыт у Югаславіі і шмат-шмат іншых выпадкаў. Так што мы павінны шукаць іншыя спосабы. У «Раскалоць капіталізм» я даследую гэтыя іншыя спосабы ў тэрмінах мільёнаў расколін, якія ўжо існуюць у тэкстуры капіталізму, мільёнаў эксперыментаў па стварэнні іншых спосабаў жыцця. Я прыходжу да высновы, што мы можам прадставіць рэвалюцыю толькі ў тэрмінах стварэння, пашырэння, памнажэння і зліцця такіх расколін.

Вы верыце, што эгалітарнае грамадства магчыма?

Так, але я не бачу ў гэтым прынцыповага пытання. Цэнтральнае пытанне — гэта ці зможам мы вызваліць нашу дзейнасць, нашу стваральную сілу ад панавання грошай. Гэта магчыма? Спадзяюся што так, бо не бачу ніякай іншай будучыні для чалавецтва.

Магчыма вам варта перафразаваць пытанне і спытаць: ці лічыце вы, што магчыма працягваць з існуючай арганізацыяй грамадства? На гэта быў бы адказ: можа быць, але толькі на кароткі тэрмін, бо цалкам верагодна капіталізму не запатрабуецца шмат часу, каб разбурыць нас. Гонка пачалася: ці зможам мы пакончыць з капіталізмам, перш, чым ён пакончыць з намі? Я не ведаю адказу, але я ведаю на якім я баку.

Вялікабрытанія прагаласавала на рэферэндуме за выхад з ЕС, тады як перад самой Еўропай стаяць многія выклікі, у першую чаргу структурныя эканамічны і палітычны крызісы. Гэтыя выклікі добра растлумачыў Жозэф Стыгліц, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы, які сказаў, што ціск ЗША, МВФ і Сусветнага банка прыводзіць краіны да прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці шляхам дэіндустрыялізацыі эканомік і стварэння слаба кантраляваных алігархаў. Як гэта паўплывае на іншыя краіны ў Еўропе і за яе межамі ў кантэксце глабальнага крызісу?

Вашы апошнія словы — «глабальны крызіс» — важныя. Сапатысты кажуць пра «шторм», які ўжо накрыў нас і верагодна стане яшчэ горш у будучыя гады. Гэты шторм адчуваецца па ўсім свеце: Трамп і Brexit гэта толькі адзін яго аспект. Як нам з ім справіцца? Накіраваўшы нашу злосць супраць капіталу. А перш за ўсё робячы усё магчымае, каб адкінуць нацыяналізм. Сучасны ўздым нацыяналізму ў Еўропе жудасны. І ўрок гісторыі відавочны: нацыяналізм азначае смерць і забойства, нічога больш.

 

Інтэрв'ю ўзята для часопіса Міжнароднай сацыялагічнай асацыяцыі «Глабальны дыялог».

Арыгінал.

Пераклад: калектыў бібліятэкі «Вольная Думка»

0 Каментары

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
Fill in the blank.